«Help!» (з англ. — «На дапамогу!») — песня гурта «The Beatles», упершыню выпушчаная ў выглядзе аднайменнага сінгла; загалоўная кампазіцыя альбома Help!. Песня напісана Джонам Ленанам (прыпісана Джону Ленану і Полу Мак-Картні) і была запісана 13 красавіка 1965 года. Песня гучыць таксама і ў аднайменным фільме. У 2004 годзе песня заняла 29 пазіцыю ў рэйтынгу «500 найвялікшых песень усіх часоў» паводле часопіса Rolling Stone.
Стварэнне песні
Джон Ленан напісаў гэтую песню, каб выразіць увесь той стрэс, у якім ён апынуўся праз хуткі рост папулярнасці «The Beatles». Паводле музычнага крытыка Іэна Макдональда, гэтая песня стала «першай расколінай у ахоўнай абалонцы», якую Ленан узвёў вакол свайго ўнутранага свету, пакуль «The Beatles» ішлі да славы; песня стала таксама важнай вяхой у развіцці яго аўтарскага стыля.
У 1970 годзе ў серыі інтэрв'ю «Успаміны Ленана» (для часопіса «Rolling Stone») Джон сказаў, што гэтая песня з'яўляецца адной з яго найлюбімейшых, праўда, яму хацелася, каб песня была запісана ў павольнейшым тэмпе. Ленан сказаў таксама, што па яго адчуваннях «Help!» і «Strawberry Fields Forever» з'яўляюцца найшчырэйшымі песнямі «The Beatles», а не проста песнямі на заказ.
Песня мае даволі простую структуру і з'яўляецца адной з нямногіх песень «The Beatles», у якіх усе тры куплеты і прыпевы аб'ядноўваюцца без выкарыстання брыджа ці сола.
Запіс
Песня была запісана за 12 спроб 13 красавіка 1965 года на студыі Эбі-Роўд. Першыя восем запісаў былі толькі інструментальнымі. Затым гурт запісаў галасы, бубен і гітарныя пасажы ў канцы кожнага рэфрэна.
У запісе ўдзельнічалі
- Джон Ленан — вакал (дзве партыі, зведзеныя ў адну), акустычная гітара
- Пол Мак-Картні — бас-гітара, падгалоскі
- Джордж Харысан — сола-гітара, падгалоскі
- Рынга Стар — ударныя
Варыянты
Песня спачатку была размешчана на аднайменным сінгле (на адваротным баку якога была песня «I’m Down»), які быў выпушчаны ў продаж 19 ліпеня 1965 года ў ЗША і 23 ліпеня ў Вялікабрытаніі (за некалькі тыдняў да выпуску альбома). Паміж альбомнай версіяй і сінгламі ёсць невялікія адрозненні. Песня ўвайшла таксама ў альбомы-анталогіі «1962—1966» і «1».
Жывыя прадстаўленні
«The Beatles» выканалі «Help!» у прамым эфіры 1 жніўня 1965 года на «Blackpool Night Out». Запіс быў уключаны ў альбом Anthology 2 і паказаны падчас дакументальнага фільма The Beatles Anthology. 14 жніўня гурт запісаў жывое выкананне песні і пяць іншых песень для «Шоў Эда Салівана», якое транслявалася ў наступным месяцы. Шоў даступнае на DVD «4 поўныя шоў Эда Салівана з удзелам The Beatles».
«Help!» быў уключаны ў сэт-ліст амерыканскага турнэ «The Beatles» 1965 года. Выступ 15 жніўня на стадыёне Шы быў паказаны ў дакументальным фільме 1966 года ««The Beatles» на стадыёне Шы», хаця гук песні быў перазапісаны перад выпускам. Выступ гурта 29 жніўня ў Hollywood Bowl быў выбраны для альбома 1977 года The Beatles at the Hollywood Bowl. Заключны жывы канцэртны выступ «Help!» адбыўся ў снежні 1965 года падчас турнэ «The Beatles» па Вялікабрытаніі, пасля чаго гурт ніколі не выконваў яе ўжывую.
Лёс песні
Песня хутка стала папулярнай і на працягу трох тыдняў займала першыя месцы ў хіт-парадах як у Вялікабрытаніі, так і ў ЗША. У 2004 годзе песня заняла 29 пазіцыю ў рэйтынгу «500 найвялікшых песень усіх часоў» паводле часопіса Rolling Stone.
Песня неаднаразова перапявалася шматлікімі выканаўцамі, у тым ліку:
- У 1968 годзе гурт «Deep Purple» выпусціў кавер-версію на альбоме «Shades of Deep Purple» (версія «Deep Purple» у параўнанні з арыгіналам павольнейшая).
- У 1984 годзе кавер-версія песні была запісана Цінай Цёрнер сумесна з гуртом «The Crusaders».
- У 1985 годзе кампанія Ford выкарыстала песню «Help!» для рэкламы сваёй лініі Lincoln-Mercury. Гэта быў першы выпадак выкарыстання песні «The Beatles» у падобных мэтах; паводле некаторых даных за права выкарыстаць песню кампанія Ford выплаціла суму ў 100 тысяч долараў.
- У 1990 годзе песня была выканана Кайлі Міноўг на канцэрце ў памяць Джона Ленана ў Ліверпулі.
- У 1996 годзе песня была запісана для альбома «Четыре ночи в Москве» (трыб'ют-альбом гурта «Любэ»).
- Расійскі гурт «Louna» таксама запісаў кавер-версію гэтай песні.
- 27 чэрвеня 2020 года амерыканская спявачка Майлі Сайрус выканала песню «Help!» на адкрытым стадыёне ў межах віртуальнай акцыі «Global Goal: Unite for Our Future».
Некаторыя радкі з песні («Won’t you please, please help me?», «Help, we need somebody, help, not just anybody, help, we need…») нярэдка цытуюцца ці абыгрываюцца ў англамоўных творах масавай культуры (напрыклад, яны былі працытаваны ў асобных серыях серыялаў «Поўны дом», «Дурням шэнціць», мультсерыяла «Супердзеткі», а таксама ў мультфільме саміх «The Beatles» «Жоўтая падводная лодка»).
У 80-90-я гады ў савецкіх студэнтаў існаваў своеасаблівы абрад, звязаны з песняй «Help!». Лічылася, што калі непасрэдна перад экзаменам (напрыклад, перад выхадам з дому) праслухаць яе стоячы навыцяжку, то паспяховая здача экзамена практычна забяспечана. Таксама для гэтага пасавала песня «Sgt. Pepper’s Lonely Hearts Club Band (Reprise)»: як лічылася, яе ўступны варыянт чамусьці не дзейнічае.
Спасылкі
Анлайн-даведнікі:
- Тэкст песніАрхівавана 6 верасня 2015. (Праверана 21 мая 2017)
- Нататкі Alan W. Pollack пра песню Help!Архівавана 31 снежня 2008. (англ.) (Праверана 21 мая 2017)
- Біблія Бітлз — Help!Архівавана 5 сакавіка 2009. (англ.) (Праверана 21 мая 2017)
- Archive Chart. 7th August 1965 (англ.)(недаступная спасылка). The Official Charts Company – The home of UK Charts. Архівавана з першакрыніцы 28 сакавіка 2012. Праверана 2 ліпеня 2014.
Тэматычныя артыкулы ў электронных выданнях:
- Tom Breihan. The Number Ones: The Beatles’ «Help!» (англ.). Stereogum. Stereogum Media (13 жніўня 2018). Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2024. Праверана 6 студзеня 2025.