factograf
BE

старажытнаіндыйскі рэлігійны настаўнік, заснавальнік будызму

Гаўтама Буда

Гаўтама Буда
All data from the card 11
Імя пры нараджэнні
Сідхартха Гаўтама
Род дзейнасці
рэлігійны настаўнік
Дата нараджэння
не раней за VII стагоддзе да н.э. і не пазней за V стагоддзе да н.э.
Месца нараджэння
Лумбіні
Дата смерці
не раней за VI стагоддзе да н.э. і не пазней за IV стагоддзе да н.э.
Месца смерці
Кушынагар
Веравызнанне
будызм
Бацька
Судхадана[d]
Маці
Мая
Жонка
Яшадхара[d]
Дзеці
Рахула[d]

Гаўтама Буда (санскр.: गौतम बुद्ध,), таксама Сідхартха Гаўтама, Шак’ямуні — старажытнаіндыйскі рэлігійны настаўнік, заснавальнік будызму. Паходзіў з роду шак’яў, якія жылі на поўначы Індыі, каля перадгор’яў Гімалаяў. Дакладныя гады яго жыцця невядомыя; сучасныя даследчыкі пераважна адносяць жыццё Буды да V стагоддзя да н. э.

Пасля некалькіх гадоў духоўных пошукаў і аскетычнага жыцця Гаўтама дасягнуў, паводле будыйскай традыцыі, абуджэння, пасля чаго атрымаў найменне Буда — «абуджаны», «прасветлены». Аснову яго вучэння складаюць чатыры высакародныя ісціны, Высакародны васьмярычны шлях і шлях вызвалення ад пакут і кола перараджэнняў. Вучэнне Буды стала асновай будызму — адной з сусветных рэлігій.

Імя і тытулы

Пры нараджэнні яго назвалі Сідхартха Гаўтама (Сідхартха – асабістае імя, – азначае “той, хто дасягнуў мэты”; Гаўтама – радавое імя, у гонар яго знакамітага продка, настаўніка брахманізму). У далейшым яго таксама сталі зваць Шак’ямуні – “мудрэц з племені шак’яў”. Пасля дасягнення абуджэння ён стаў вядомы як Буда — «абуджаны» або «прасветлены». Гэтае найменне з часам стала найбольш пашыраным і дало назву заснаванай на яго вучэнні рэлігіі.

У будыйскіх тэкстах ужываюцца і іншыя найменні Буды, у тым ліку Татхагата і Бхагаван. Яны выступаюць пераважна як ганаровыя эпітэты і характарыстыкі рэлігійнага статусу.

Крыніцы і датаванне

Крыніцы звестак

Пісьмовых крыніц, створаных пры жыцці Буды, не захавалася. Найранейшыя надзейна датаваныя пісьмовыя помнікі будызму — надпісы індыйскага цара Ашокі III стагоддзя да н. э. Звесткі пра больш ранні доўгі час існавалі і захоўваліся ў вуснай форме.

Асноўныя звесткі пра жыццё Буды змяшчаюцца ў будыйскіх кананічных і пазнейшых жыццяпісных тэкстах. У іх гістарычныя падзеі спалучаюцца з легендарнымі і міфалагічнымі матывамі. Да найбольш вядомых твораў пра жыццё Буды належаць Махавасту, Лалітавістара, Будачарыта Ашвагхошы і Ніданакатха. Яны адыгралі важную ролю ў фарміраванні традыцыйнага жыццяпісу Буды, аднак былі складзены праз некалькі стагоддзяў пасля ягонай смерці.

Датаванне

Дакладныя даты нараджэння і смерці Буды невядомыя. Да канца XX стагоддзя ў заходняй навуковай літаратуры шырока ўжывалася храналогія, паводле якой ён жыў прыблізна ў 560—480 гадах да н. э. Пасля перагляду храналогіі ў канцы XX стагоддзя большасць сучасных даследчыкаў адносіць жыццё Буды да V стагоддзя да н. э. З прычыны позняга паходжання пісьмовых крыніц гэтыя даты застаюцца ўмоўнымі.

Гістарычны кантэкст

Паўночная Індыя каля 500 года да н. э.
Паўночная Індыя каля 500 года да н. э.

Будызм узнік у Паўночнай Індыі ў сярэдзіне I тысячагоддзя да н. э. У рэлігійным жыцці таго часу значнае месца займаў брахманізм, заснаваны на аўтарытэце Ведаў і асаблівай ролі брахманаў. Індыйскае грамадства падзялялася на варны, прыналежнасць да якіх вызначала грамадскае становішча і рэлігійныя абавязкі чалавека.

Узнікненне Будызму звязваецца з рэакцыяй на брахманізм і каставы падзел старажытнаіндыйскага грамадства. У гэты ж перыяд пашыраліся аскетычныя практыкі і вучэнні, звязаныя з пошукам вызвалення ад кола перараджэнняў. Будызм адкінуў залежнасць духоўнага вызвалення ад паходжання чалавека і пасрэдніцтва брахманаў.

У паўночнаіндыйскіх землях у VI—V стагоддзях да н. э. існавалі шматлікія дзяржавы і племянныя ўтварэнні. Асабліва значныя змены адбываліся ў басейне Ганга, дзе ўзмацнілася дзяржава Магадха. Адначасова шырока распаўсюджваліся пустэльніцтва, аскетызм і вандроўнае манаства, узнікалі новыя рэлігійныя і філасофскія вучэнні.

Жыццё

Паходжанне і маладосць

Гаўтама паходзіў з роду шак’яў, якія жылі каля перадгор’яў Гімалаяў. Яго бацькам быў Судхадана, кіраўнік шак’яў, а маці — Мая. Нарадзіўся ён у Лумбіні на тэрыторыі сучаснага Непала; цэнтрам зямель шак’яў быў Капілавасту.

Паданні апісваюць маладосць Сідхартхі як жыццё ў дастатку і раскошы. Ён ажаніўся і меў сына. Значная частка аповедаў пра гэты перыяд сфарміравалася пазней і мае легендарны характар.

Адрачэнне і пошукі вызвалення

У маладым узросце Сідхартха пакінуў сям’ю і адмовіўся ад ранейшага ладу жыцця, каб шукаць спосаб вызвалення ад пакут. Паданні звязваюць ягонае рашэнне з «чатырма сустрэчамі»: са старым чалавекам, хворым, нябожчыкам і вандроўным манахам. Гэтыя сустрэчы павінны былі адкрыць яму непазбежнасць старасці, хваробы і смерці і паказаць магчымасць іншага жыцця.

Сідхартха далучыўся да вандроўных аскетаў і на працягу некалькіх гадоў практыкаваў строгі аскетызм. Урэшце ён адмовіўся ад крайняга самакатавання, не бачачы ў ім шляху да вызвалення. Гэтае адмаўленне ад дзвюх крайнасцей — жыцця, прысвечанага пачуццёвым асалодам, і празмернага аскетызму — пазней стала асновай вучэння пра сярэдні шлях.

Абуджэнне і пачатак прапаведавання

Пасля адмовы ад крайняга аскетызму Гаўтама аддаўся медытацыі. Паводле будыйскай традыцыі, пад дрэвам бодхі каля Урувелы ён дасягнуў абуджэння і стаў Будам — «абуджаным», «прасветленым».

Пасля гэтага Буда пачаў прапаведаваць сваё вучэнне ў Паўночнай Індыі. Першая пропаведзь традыцыйна звязваецца з мясцовасцю каля Варанасі. У ёй былі выкладзены асноўныя палажэнні новага вучэння, у тым ліку чатыры высакародныя ісціны і сярэдні шлях.

Сангха і прапаведніцтва

Вакол Буды паступова склалася супольнасць вучняў — сангха. Частку паслядоўнікаў ён адпраўляў прапаведаваць самастойна, з іншымі вандраваў па паўночна-ўсходніх землях Індыі. Да канца яго жыцця будыйскія супольнасці існавалі ўжо ў розных мясцовасцях Паўночна-Усходняй Індыі.

Прапаведніцкая дзейнасць Буды працягвалася шмат гадоў. Яго вучэнне было звернута не толькі да аскетаў і манахаў: сярод паслядоўнікаў былі таксама свецкія мужчыны і жанчыны. З узнікненнем сангхі пачалося фарміраванне правіл манаскага жыцця і перадача вучэння, якое першапачаткова захоўвалася вусна.

Апошнія гады і смерць

Паводле будыйскай традыцыі, Буда памёр у глыбокай старасці ў Кушынагары пасля шматгадовых вандровак і прапаведавання. У будызме яго смерць называецца парынірванай — канчатковым адыходам у нірвану.

Цела Буды было крэміравана паводле тагачаснага звычаю. Пасля крэмацыі яго рэшткі былі падзелены паміж некалькімі групамі паслядоўнікаў і кіраўнікамі суседніх зямель. Кожная з іх захоўвала атрыманую частку як рэліквію і ўзвяла над ёй ступу — памятнае збудаванне, якое стала месцам шанавання. Культ рэліквій і ступ у далейшым атрымаў шырокае распаўсюджанне ў будызме.

Вучэнне

У цэнтры вучэння Буды знаходзіцца праблема вызвалення чалавека ад пакут. Ён не надаваў вырашальнага значэння разважанням пра паходжанне і будову свету, а засяроджваўся на тым, што павінна весці да вызвалення.

Сярэдні шлях

Важным прынцыпам вучэння Буды стаў сярэдні шлях. Адмовіўшыся як ад жыцця, прысвечанага пачуццёвым асалодам, так і ад крайняга аскетызму, ён лічыў абедзве крайнасці непрыдатнымі для дасягнення вызвалення. Сярэдні шлях звязваўся з самапазнаннем, маральным жыццём і медытацыяй, якія павінны былі весці да абуджэння.

Чатыры высакародныя ісціны і васьмярычны шлях

Аснову ранняга будыйскага вучэння складаюць чатыры высакародныя ісціны: пра існаванне пакут, іх прычыну, магчымасць іх спынення і шлях, які вядзе да гэтага спынення. Прычына пакут звязваецца са прагнасцю быцця, жаданнямі і прыхільнасцямі, якія падтрымліваюць кола перараджэнняў. Спыненне гэтай прагнасці вядзе да вызвалення.

Шлях да спынення пакут атрымаў назву высакароднага васьмярычнага шляху. Ён уключае правільныя погляды, намеры, мову, паводзіны, лад жыцця, намаганні, уважлівасць і засяроджанне. Гэтыя складнікі ахопліваюць маральныя паводзіны, працу са свядомасцю і развіццё мудрасці.

Нірвана

Канчатковай мэтай будыйскага шляху з’яўляецца нірвана — вызваленне ад прагнасці, прыхільнасцей і далейшых перараджэнняў. Само слова традыцыйна перадаецца як «згасанне»: спыненне прычын, якія падтрымліваюць кола сансары. У Дхамападзе вызваленне таксама звязваецца з пераадоленнем прагнасці, стрыманасцю і пазбаўленнем ад прывязанасцей.

У будызме

Цудадзейныя матывы жыццяпісу

З цягам часу аповед пра жыццё Гаўтамы быў дапоўнены шматлікімі цудадзейнымі і сімвалічнымі матывамі. Паводле падання, перад яго нараджэннем маці Мая ўбачыла сон пра белага слана; нараджэнне суправаджалася незвычайнымі падзеямі, а немаўляці прадказвалі будучыню вялікага кіраўніка або духоўнага настаўніка. Да пазнейшага легендарнага пласта належаць таксама падрабязныя аповеды пра сустрэчу з Марам перад абуджэннем і іншыя звышнатуральныя падзеі.

Гэтыя сюжэты сталі часткай рэлігійнага жыццяпісу Буды і атрымалі адлюстраванне ў будыйскай літаратуры і мастацтве. Яны не аддзяляліся ў традыцыі ад яго зямной біяграфіі, але ў сучасным гістарычным выкладзе разглядаюцца асобна ад звестак, якія могуць адносіцца да жыцця гістарычнага Гаўтамы.

Папярэднія жыцці

Будыйская традыцыя разглядае жыццё Сідхартхі Гаўтамы як завяршэнне доўгага шляху да абуджэння. Лічылася, што ў шматлікіх папярэдніх існаваннях будучы Буда нараджаўся ў розных чалавечых і жывёльных абліччах і паступова набываў якасці, неабходныя для дасягнення стану Буды. Апавяданні пра такія папярэднія жыцці склалі асобны пласт будыйскай літаратуры — джатакі.

Рэліквіі і месцы паломніцтва

Вялікая ступа ў Санчы
Вялікая ступа ў Санчы
Храм Махабодхі ў Бодх-Гаі
Храм Махабодхі ў Бодх-Гаі
2 images

Шанаванне рэліквій Буды стала адной з ранніх форм будыйскага культу. З ім звязана развіццё ступ — культавых збудаванняў, у якіх захоўвалі святыя рэліквіі. З часам ступы сталі адным з найбольш характэрных тыпаў будыйскай архітэктуры; вядомым раннім помнікам з’яўляецца Вялікая ступа ў Санчы.

Асаблівае значэнне для будыстаў маюць чатыры месцы, звязаныя з галоўнымі падзеямі жыцця Гаўтамы: Лумбіні, дзе ён, паводле традыцыі, нарадзіўся; Бодх-Гая, дзе дасягнуў абуджэння; Сарнатх, дзе прамовіў першую пропаведзь; і Кушынагар, дзе памёр і дасягнуў парынірваны. Лумбіні стала месцам паломніцтва ўжо ў старажытнасці; у III стагоддзі да н. э. яго наведаў Ашока, які паставіў там памятную калону з надпісам. Бодх-Гая застаецца адным з галоўных цэнтраў будыйскага паломніцтва; цэнтральнае месца там займаюць храм Махабодхі і дрэва бодхі.

Выявы і іканаграфія

Выява Буды з Гандхары, I—II стагоддзі
Выява Буды з Гандхары, I—II стагоддзі

У будыйскім мастацтве Буда не заўсёды паказваўся ў чалавечым абліччы. Яго прысутнасць маглі перадаваць сімвалічна — праз пусты трон, сляды ног, дрэва бодхі і іншыя знакі. Значнае месца займалі таксама ступы і рэльефы з сюжэтамі, звязанымі з жыццём і папярэднімі нараджэннямі Буды.

Антрапаморфныя выявы Буды атрымалі шырокае распаўсюджанне ў першых стагоддзях н. э. Адным з ранніх цэнтраў іх стварэння была Гандхара, дзе ў будыйскай скульптуры спалучаліся індыйскія і эліністычныя мастацкія рысы. Паступова склаліся характэрныя спосабы адлюстравання Буды: у манаскім адзенні, у паставе медытацыі або стоячы, з устойлівымі жэстамі рук — мудрамі. Позы, жэсты і сімвалічныя прыкметы дазвалялі паказваць розныя падзеі яго жыцця і аспекты вучэння.

Уплыў і спадчына

Пасля смерці Буды яго вучэнне працягвала перадавацца ў супольнасцях манахаў і свецкіх паслядоўнікаў. На працягу першых стагоддзяў будызм распаўсюдзіўся па значнай частцы Індыі, асабліва шырока — у часы Ашокі ў III стагоддзі да н. э. Пазней ён выйшаў за межы Індыі: распаўсюдзіўся на Шры-Ланцы, у Паўднёва-Усходняй і Цэнтральнай Азіі, Кітаі, Карэі і Японіі.

У працэсе развіцця будызму ўзніклі розныя школы і напрамкі, якія па-рознаму развівалі асобныя бакі вучэння і разумелі прыроду Буды. Найбуйнейшымі традыцыямі сталі тхеравада, махаяна і ваджраяна. Пры ўсіх адрозненнях Гаўтама Шак’ямуні захаваў цэнтральнае месца як настаўнік.

Вучэнне, якое звязваецца з Будам, аказала значны ўплыў на рэлігію, філасофію, літаратуру і мастацтва многіх народаў Азіі. Будызм стаў адной з сусветных рэлігій, а месцы жыцця Гаўтамы, яго рэліквіі і створаныя ў розных краінах выявы працягваюць заставацца аб’ектамі шанавання і паломніцтва.

Read next

In 219 languages

БеларускаяадыгабзэAfrikaansAlemannischአማርኛaragonésÆngliscअंगिकाالعربيةܐܪܡܝܐالدارجةمصرىঅসমীয়াasturianuअवधीazərbaycancaتۆرکجهбашҡортсаBasa BaližemaitėškaBikol Centralбеларуская (тарашкевіца)BetawiбългарскиभोजपुरीBislamaပအိုဝ်ႏဘာႏသာႏbamanankanবাংলাབོད་ཡིགbrezhonegbosanskiBatak Mandailingбуряадcatalà閩東語 / Mìng-dĕ̤ng-ngṳ̄нохчийнCebuanoکوردیcorsuqırımtatarcačeštinaчӑвашлаCymraegdanskdagbanliDeutschdolnoserbskiडोटेलीΕλληνικάEnglishEsperantoespañoleestieuskaraestremeñuفارسیsuomivõroNa Vosa VakavitiføroysktfrançaisarpetanNordfriiskfurlanFryskGaeilge贛語GàidhliggalegoAvañe'ẽगोंयची कोंकणी / Gõychi Konknni𐌲𐌿𐍄𐌹𐍃𐌺ગુજરાતીHausa客家語 / Hak-kâ-ngîעבריתहिन्दीFiji HindihrvatskiKreyòl ayisyenmagyarհայերենinterlinguaBahasa IndonesiaInterlingueIgboIlokanoIdoíslenskamedžuslovjanskyitaliano日本語Patoisla .lojban.JawaქართულიJjuадыгэбзэқазақшаភាសាខ្មែរಕನ್ನಡYerwa Kanuri한국어کٲشُرkurdîkernowekкыргызчаLatinaLëtzebuergeschлезгиLingua Franca NovaLugandaLigureLadinlombardລາວlietuviųlatviešuमगहीमैथिलीBasa BanyumasanMalagasyMinangkabauмакедонскиമലയാളംмонголꯃꯤꯇꯩ ꯂꯣꯟဘာသာမန်मराठीBahasa MelayuMaltiMirandésမြန်မာဘာသာمازِرونیNapulitanoPlattdüütschनेपालीनेपाल भाषाNederlandsnorsk nynorsknorskoccitanlivvinkarjalaଓଡ଼ିଆиронਪੰਜਾਬੀPapiamentuपालिpolskiPiemontèisپنجابیپښتوportuguêsRuna Simiရခိုင်românăarmãneashtiрусскийрусиньскыйIkinyarwandaसंस्कृतम्саха тылаᱥᱟᱱᱛᱟᱲᱤsardusicilianuScotsسنڌيSängösrpskohrvatski / српскохрватскиTaclḥitတႆးසිංහලSimple EnglishslovenčinaslovenščinaGagana SamoachiShonaSoomaaligashqipсрпски / srpskiSesothoSundasvenskaKiswahiliSakizayaதமிழ்ತುಳುᥖᥭᥰ ᥖᥬᥲ ᥑᥨᥒᥰతెలుగుтоҷикӣไทยTagalogtoki ponaTok PisinTürkçeтатарча / tatarçareo tahitiтыва дылукраїнськаاردوoʻzbekcha / ўзбекчаTiếng ViệtVolapükwalonWinarayWolof吴语isiXhosaმარგალურიייִדישYorùbáVahcuenghZeêuws文言閩南語 / Bân-lâm-gí粵語中文isiZulu

Text from Wikipedia, CC BY-SA 4.0 · Source article