Windows Me (Me у значэнні займенніка я або абрэвіятуры Millennium Edition — выданне тысячагоддзя) — аперацыйная сістэма, апошняя з сямейства Windows 9x. Выпушчана 19 чэрвеня 2000 года для прадусталёўкі вытворцамі, а 14 верасня 2000 года стала даступнай для пакупкі ў крамах.
Windows Me планавалася як асноўная АС для дамашніх карыстальнікаў на замену Windows 98 і была пазней заменена Windows XP з сямейства NT, якая аб’яднала сістэмы для дамашняга (9x) і прафесійнага (NT) рынкаў. Пашыраная падтрымка цалкам спынена 11 ліпеня 2006 года.
Windows Me нязначна адрозніваецца ад сваіх папярэдніц — 95 і 98 — новымі версіямі MS-DOS 8.0 (якая стала апошняй), Internet Explorer 5.5 і Windows Media Player 7.0. Упершыню ў сістэму ўключаны аматарскі відэарэдактар Windows Movie Maker, а інтэрфейс узбагаціўся некаторымі магчымасцямі Windows 2000. Доступ да рэальнага рэжыму DOS быў абмежаваны, каб паскорыць загрузку сістэмы, што прывяло да немагчымасці запуску старых праграм, якія ім карысталіся.
Нягледзячы на станоўчыя ацэнкі крытыкаў пасля выпуску, сістэма здабыла рэпутацыю нестабільнай і пачала разглядацца як адзін з горшых прадуктаў Microsoft за ўсю гісторыю кампаніі. Рэліз у наступным 2001 годдзе папулярнай і стабільнай Windows XP, якая распрацоўвалася паралельна з Me і ўключала ў сябе большую частку яе новых функцый, таксама прывёў да згортвання падтрымкі сістэмы.
