«I’ve Just Seen a Face» (руск.: Я толькі што ўбачыў твар) — песня гурта «The Beatles», якая выйшла на альбоме Help! у 1965 годзе. У ЗША песня ўпершыню выйшла на амерыканскай версіі альбома Rubber Soul у снежні 1965 года. Песня напісана Полам Мак-Картні, аднак прыпісана, як гэта звычайна рабілася, Мак-Картні і Ленану.
Песня
Песня была напісана Полам Мак-Картні. Ён жа выконвае вакальную партыю. Перад тым, як песня была запісана, яна нядоўгі час называлася «Тэма цётачкі Джын» па імені малодшай сястры бацькі Пола, бо гэта была адна з яе любімых мелодый. Гэта — адна з вельмі нямногіх «гітарных» песень «The Beatles», у якой адсутнічае партыя бас-гітары.
Паводле крытыка сайта Allmusic Рычы Антэрбергера, гэтая песня «ўяўляе сабой амаль сапраўднае bluegrass-кантры, калі б не адсутнасць банджа і скрыпкі». Крытык Іэн Макдональд адзначыў, што гэтая песня «падцягнула апошнюю частку альбома Help! сваёй гарачай свежасцю».
Песня была запісана 14 чэрвеня 1965 года на студыі Abbey Road Studios; у тую ж сесію былі запісаны песні «Yesterday» і «I'm Down».
У запісе ўдзельнічалі:
- Пол Мак-Картні — вакал, акустычная гітара
- Джон Ленан — акустычная гітара
- Джордж Харысан — акустычная сола-гітара
- Рынга Стар — ударныя (граў з выкарыстаннем барабанных шчотак), маракас
Песня і Мак-Картні
Вядома, што гэтая песня была адной з найлюбімейшых песень Мак-Картні, ва ўсякім выпадку, калі меркаваць па колькасці яе выкананняў за час яго сольнай кар'еры. Яна была адной з нямногіх песень «The Beatles», якія выконваліся ім падчас працы з гуртом Wings. Жывое выкананне гэтай песні ўвайшло ў альбомы Wings over America, Unplugged і ў DVD Live In Red Square.
Спасылкі
- Біблія Бітлз — I’ve Just Seen a Face (англ.) (спасылка праверана 28 лютага 2010)
- Тэкст песніАрхівавана 6 лютага 2010. (спасылка праверана 28 лютага 2010)
- Нататкі Алана Полака наконт песні «I’ve Just Seen a Face» Архівавана 8 жніўня 2025. (англ.) (спасылка праверана 28 лютага 2010)