Фла́вій Ро́мул Аўгу́ст (лац.: Flavius Romulus Augustus), таксама вядомы ў рымскай гістарыяграфіі як Ро́мул Аўгу́стул (лац.: Romulus Augustulus) — апошні імператар Заходняй Рымскай імперыі, уладарства якога прыпала на 475—476 гадах.
Бацька Ромула, военачальнік Флавій Арэст, скінуў імператара Юлія Непата і ўзвеў на сталец свайго сына, пры якм і быў фактычным уладаром. Уладу Ромула Аўгуста не прызналі ні Усходняя Рымская імперыя, ні гальскі намеснік, ні сам Непат, які тым часам збег у Далмацыю. Урэшце, пасля 10-месячнага ўладарства, Арэста скінулі і забілі, а Ромул быў адпраўлены ў выгнанне ў Кампанію, дзе, магчыма, і памёр.
Біяграфія

Заняццё стальца
Бацька Ромула — Флавій Арэст, паходзіў з Паноніі, атрымаў тытул патрыцыя і быў магістрам італійскай арміі. У жніўні 475 года Арэст, падняў паўстанне супраць Юлія Непата і захапіў сталіцу Заходняй Рымскай імперыі Равену. Імператар уцёк у Далмацыю, дзе яго дзядзька Марцэлін заснаваў паўнезалежная дзяржаву.
Сам Арэст, з невядомай прычыны адмовіўся ад прыняцця тытула імператара, а дамогся абвяшчэння імператарам свайго малалетняга сына Ромула. Але фактычна кіраваў імперыяй Арэст.
Падзеі ўладарства
На час абвяшчэння Ромула Аўгуста імператарам, Заходняя Рымская імперыя была на мяжы знікнення. Імператарская ўлада распаўсюджвалася толькі на Італію і невялікую частку Паўднёвай Галіі. Усходнерымскі імператар Леў I Макела, які памёр у 474 годзе, узводзіў на сталец Заходняй Рымскай імперыі двух чалавек — Пракопія Антэмія і Юлія Непата, таму яго пераемнік Зянон, таксама як і намеснік Паўночнай Галіі Афраній Сіягрый адмовіліся прызнаць Ромула імператарам Захаду, лічылі яго ўзурпатарам.
Пра дзейнасць самога Ромула нічога не вядома. У час яго ўладарства ў Рыме, Медыялане, Равене і Арэлаце чаканілі залатыя соліды. Некалькі знойдзеных срэбраных манет былі адчаканена ў Равене, а медных манет часоў уладарства Ромула не знойдзена.
Найбольш сур’ёзнай праблемай гэтага часу было кіраванне войскамі варварскіх наймітаў. Пасля 10-месячнага уладарства, супраць Арэста і Ромула падняла паўстанне армія, амаль цалкам складзеная з герулаў, ругаў і скіраў. Салдаты ведалі, што рымскі ўрад заключыў з германцамі іншых частак Заходняй Рымскай імперыі дамову, што мясцовыя землеўладальнікі вылучаць пэўную частку сваіх зямель для германскіх перасяленцам. Прынцып не распаўсюджваўся на Італію, аднак салдаты з германскіх плямёнаў, раскватараваныя на паўвостраве, патрабавалі, каб тое самае было зроблена і на іх карысць. Яны не настойвалі, каб ім вылучылі дзве траціны зямлі, як было зроблена на пачатку V ст. імператарам Ганорыем для вестготаў, якія напалі на Галію. Салдаты лічылі, што для іх патрэб хопіць і адной траціны зямель. Насуперак чаканням Арэст адмовіў салдатам. Таксама, магчыма, раней Арэст зямлю як ўзнагароду за скіданне Юлія Непата, таму салдаты яго і падтрымалі. Іншай прычынай бунту было пагаршэнне фінансавання рымскай арміі скарбам, бо даходаў з адной толькі Італіі не хапала.
Абураныя салдаты абралі правадыром аднаго з галоўных военачальнікаў Арэста Флавія — Адаакра, германца паходжаннем (скірам або, магчыма, ругам). Бацька Адаакра быў паслом Атылы ў Канстанцінопалі, а пасля яго смерці ўступіў у армію заходняга імператара Пракопія Антэмія і дапамагаў Арэсту скінуць Юлія Непата.
Сутыкнуўшыся з варожым стаўленнем войскаў, Арэст зачыніўся ў акружаным магутнымі сценамі Тыцынуме, які, аднак, быў узяты і разрабаваны. Каля Плацэнтыі 28 жніўня 476 года ён быў узяты ў палон і пакараны смерцю. Яго брат Павел загінуў у бітве ў лесе каля Равены, і тады Адаакр, які ўступіў у горад, прымусіў Ромула адмовіцца ад улады 4 верасня 476 года. Адаакр, калі даведаўся пра вяртанне ўсходняга імператара Зянона Ісаўраніна на сталец, выслаў ад імя скінутага Ромула Аўгуста сенацкую дэлегацыю ў Канстанцінопаль з паведамленнем, што:
«не было ніякай патрэбы ствараць ім асобнае царства; што для абодвух бакоў хапала б аднаго Зянона як агульнага іх імператара; што сенат рымскі надаў галоўнае начальства Адааху [Адаакру], чалавеку, які па дзяржаўным розуме і ваяўнічасці здольны ахоўваць дзяржаву».
Таксама сенат прасіў Зянона надаць Адаакру тытул патрыцыя і дазволіць кіраваць Італіяй. Зянон не адразу, але задаволіў іх просьбу. Адаакр пазней прысягнуў на вернасць імператару Усходняй Рымскай імперыі і кіраваў у Італіі як прадстаўнік візантыйскай улады. Таму тэарэтычна імперыя заставалася адзінай.
Пазнейшае жыццё
Лёс Ромула пасля скідання са стальца пэўна невядомы. У запісах Ананіма Валезія згадана, што Адаакр, «пашкадаваўшы яго за малы ўзрост і, крануты яго прыгажосцю», злітаваўся над Ромулам, загадаў выплочваць штогадовую пенсію ў 6 тысяч солідаў і саслаў разам з маці ў кампанскі палац Лукула на мізенскім мысе. Аднак Іардан і Марцэлін Коміт не згадваюць пра штогадовую пенсію. Лукуланскі палац, пабудаваны вядомым рымскім военачальнікам эпохі рэспублікі Луцыем Ліцыніем Лукулам (консул 74 гады да н.э.), служыў вілай імператару Тыберыю. З Ромулам у ссылку паехалі сваякі і значная світа.
Крыніцы сыходзяцца ў меркаванні, што Ромул пасяліўся ў палацы Лукула. Пасля пра Ромула няма ніякіх згадак. Хутчэй за ўсё, Ромул быў заснавальнікам манастыра побач з палацам. Манастыр Ромула стаў найбоей вядомы падчас пантыфіката Рыгора I Вялікага і існаваў яшчэ ў X стагоддзі.
Магн Аўрэлій Касіядор, сакратар караля остготаў Тэадорыха Вялікага, напісаў ліст нейкаму Ромулу ў 507 годзе, у якім пацвярджаў пенсію, што яму выдавалася. Томас Ходжкін, перакладчык твораў Касіядора, пісаў у 1886 годзе, што Ромул Аўгуст і згаданы ў лісце Касіядора Ромул, магчыма, адна і тая асоба. Імаверна, былы імператар памёр да аднаўлення візантыйскай улады ў Італіі (да сярэдзіны VI стагоддзя), бо гісторык Пракоп Кесарыйскі, які пісаў пра Ромула як пра апошняга ўладара заходняй часткі імперыі, не згадвае былога імператара як жывога пры апісанні візантыйска-гоцкіх войнаў.
Ромул Аўгуст у культуры
Найбольш вядомы мастацкія творы, у якіх Ромул Аўгуст выступае галоўным або адным з галоўных герояў:
- У кінастужцы 2007 года «Апошні легіён», паводле аднайменнага рамана італьянскага гісторыка і пісьменніка Валерыа Масіма Манфрэдзі Ромула Аўгуста сыграў Томас Сангстэр.
- У гістарычнай камедыі швейцарскага празаіка і драматурга Фрыдрыха Дзюрэнмата «Ромул Вялікі» (1950) Ромул Аўгуст выступае галоўным героем.
- Сапраўднае імя персанажа «Marvel Comics» Тырануса — Ромул Аўгуст, і паходзіць ён са Старажытнага Рыма.
Літаратура
Першасная літаратура
- Ананім Валезія. Тэадорыхава хроніка.
- Магн Аўрэлій Касіядор. Variae // III. 95.
Даследаванні
- Гиббон, Эдуард. История упадка и разрушения Великой Римской империи. — М.: ТЕРРА, 2008. — Т. 4. — ISBN 978-5-275-01704-5.
- Грант, М. Ромул Август // Римские императоры. — М.: ТЕРРА — Книжный клуб, 1998.
- Рыжов, К. В. Ромул Августул // Все монархи мира. Греция, Рим, Византия. — М., 2001.
- Хизер, Питер. Падение Римской империи. — М., 2010. — 800 с. — ISBN 978-5-17-057027-0.
- Bryce, James Bryce. The Holy Roman Empire. — Schocken Books, 1961.
- Martindale J. R. Romulus Augustus 4 // Prosopography of the Later Roman Empire / A. M. Jones, J. R. Martindale. — Cambridge University Press, 1980. — Vol. II: A.D. 395–527. — P. 949—950. — ISBN 0-521-20159-4 [2001 reprint].
- Gibbon, Edward. The History of the Decline and Fall of the Roman Empire / David Womersley, ed. — L.: Penguin Books, 1994. — Vol. 3.
- Heather, Peter. Medieval Europe: A Short History. — N. Y.: McGraw Hill, 1995.
- Hollister, C. Warren. The Fall of the Roman Empire. — L.: Penguin Books, 2005.
- Murdoch, Adrian. The Last Roman: Romulus Augustulus and the Decline of the West. — Stroud: Sutton, 2006.
- Norwich, John Julius. Byzantium: A Short History. — N. Y.: Vintage, 1997. — 496 p. — ISBN 0-679-45088-2.
- Зельскі А. Г. Ромул Аўгуст // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 406. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ромул Аўгуст
- Roman Imperial Coins of Romulus Augustus. — Манеты Ромула Аўгуста. Праверана 19 ліпеня 2013.
- Romulus August(ul)us(недаступная спасылка). Imperium-Romanum.com. Архівавана з першакрыніцы 13 красавіка 2012. Праверана 14 мая 2014.
- Mathisen, Ralph W.; Nathan, Geoffrey.. Romulus Augustulus (475—476 A.D.) — Two Views(недаступная спасылка). An Online Encyclopedia of Roman Emperors (26 жніўня 1997). Архівавана з першакрыніцы 1 чэрвеня 2015. Праверана 11 мая 2014.
