П’етра Джэрмі (італ.: Pietro Germi; 14 верасня 1914, Генуя — 5 снежня 1974, Рым) — італьянскі акцёр, кінарэжысёр, сцэнарыст.
Скончыў Эксперыментальны кінацэнтр у Рыме. Сацыяльна-крытычныя фільмы «Аблудная моладзь» (1947), «У імя закону» (1949, у савецкім пракаце «Пад небам Сіцыліі»), «Дарога надзеі» (1950), «Горад абараняецца» (1951), «Машыніст» (1956) і «Бесхарактарны мужчына» (1958, у апошніх сыграў галоўныя ролі) паставілі Джэрмі ў лік найбольш значных майстроў неарэалізму. Карысталіся поспехам яго сатырычныя трагікамедыі пра сіцылійскія норавы: «Развод па-італьянску» (1961), «Спакушаная і пакінутая» (1964), «Альфрэда, Альфрэда» (1971) і вясёлая і гарэзлівая камедыя «Серафіна» (1969).
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).