Паўль Клее (ням.: Paul Klee; 18 снежня 1879, Мюнхенбухзэе[d] — 29 чэрвеня 1940, Муральта, кантон Тычына) — нямецкі і швейцарскі мастак, графік, тэарэтык мастацтва, адна з найбуйнейшых фігур еўрапейскага авангарда. Пражыў больш за палову жыцця ў Швейцарыі.
Біяграфія
Грамадзянін Германіі, Паўль Клее нарадзіўся, правёў значную частку жыцця і памёр у Швейцарыі. У сваім раннім перыядзе творчасці — экспрэсіяніст, выпрабаваў значны ўплыў канструктывізму, кубізму, прымітывізму і сюррэалізму.
Працаваў у цесным кантакце з «Сінім вершнікам», яго графічныя работы экспанаваліся на другой выстаўцы «Чорнае-белае» (па-нямецку: «Die zweite Ausstellung der Redaktion Der Blaue Reiter Schwarz-Weiß»), арганізаванай аб’яднаннем у 1912 годзе. Да 1914 года Клее працаваў у асноўным у галіне графікі.
Пасля падарожжа па Тунісе, якое мастак здзейсніў разам з Аўгустам Маке і Луі Муалье, у яго творчасці адбыўся паварот да жывапісу.
Як і яго сябар, Васіль Кандзінскі, Клее з 1921 года выкладаў у Веймары, а затым, пасля пераезду школы, і ў Дэсау. З 1931 года ён быў прафесарам Дзюсельдорфскай акадэміі мастацтваў. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі нацыянал-сацыялістаў ён быў вызвалены ад займанай пасады і вярнуўся ў Берн, дзе правёў апошнія гады. Нягледзячы на цяжкую прагрэсавальную хваробу (склерадэрмія), у гэты перыяд Клее шмат і плённа працаваў. Аўтар тэарэтычных твораў «Schöpferische Konfession» (1920) і «Педагагічныя эскізы» (па-нямецку: Pädagogisches Skizzenbuch, 1925).
Творчасць
Малюнкам, гравюрам і акварэлям ранняга перыяду ўласцівы рысы сімвалізму і сюррэалізму, лінеарнасць і манахромнасць; ствараў гратэскныя ілюстрацыі («Кандыд» Вальтэра, 1911—12). У сталы перыяд пад уплывам П. Сезана і В. Кандзінскага, падарожжа ў Туніс у 1914 годзе ствараў фармальныя імправізацыі, заснаваныя на суб’ектыўных вобразах і перажываннях, глыбока індывідуальна пераасэнсоўваў кубізм, абстракцыянізм, экспрэсіянізм і іншыя плыні. Творам уласцівы рытмічнасць, імкненне да сімвалічнасці каларыту, арганічнае ўключэнне ў геаметрызаваныя кампазіцыі стылізаваных выяў птушак, дрэў, фігур людзей і інш.: «Пейзаж з зялёнымі птушкамі» (1923), «Маленькая казка нейкіх карлікаў» (1925), «Пісьмо-прывід» (1937), «Жывёліны ў гушчары» (1938). У творах 1930-х г. («Галава пакутніка», «У эміграцыю», «Вымушаны сыход», «Новыя парадкі») перадаў трагедыю змрочных часоў фашызму. У позні перыяд фігуратыўнасць работ П. Клее ўвасаблялася праз рытм знакаў, ідэаграм, рунаў, іерогліфаў («Праект» і «Узнёсласць», 1938; «Смерць і полымя», 1940), пераважала тэматыка смерці («Змрочнае падарожжа на караблі», 1940, і інш.).
Галерэя




Літаратура
- В. Я. Буйвал. Клее // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
